ПРЫКАЗА́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура бронзавага веку (16—9 ст. да н.э.), пашыраная на ранніх этапах у Прыказанскім Паволжы і суседніх раёнах Ніжняга Прыкам’я, пазней на велізарных абшарах у бас. рэк Кама, Белая, Вятка, Вятлуга. Склалася на падставе валасоўскай культуры пад уплывам зрубнай культуры; яе змяніла ананьінская культура жал. веку. Плямёны П.к. займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй, была развіта апрацоўка медзі і бронзы. Іх паселішчы з паўзямлянкавымі жытламі, могільнікі грунтавыя і курганныя з абрадам трупапалажэння (нябожчыкаў хавалі ў выцягнутым ці скурчаным становішчы). Для керамікі характэрны пласкадонныя (пазней кругладонныя) гаршкі з геам. арнаментам.
т. 13, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)